ФАНТАСТЫ́ЧНАЯ ЛІТАРАТУ́РА, фантастыка,

сукупнасць літ. твораў, дзе на аснове рэальных уяўленняў ствараецца лагічна несумяшчальная з імі карціна свету. У Ф.л. складваецца адметны тып вобразнасці, які вызначаецца высокай ступенню ўмоўнасці, арган. зліццём якасна разнародных і ў рэальнасці неспалучальных элементаў.

Фантаст. вобразы ўзніклі на ўзроўні першабытнага мыслення: у іх увасоблены абагульнена-цэласныя, нерасчлянёныя ўяўленні архаічнага чалавека пра свет. Кожная эпоха спарадзіла асобныя сістэмы (тыпы) фантаст. вобразаў. Так, міфалагічную фантастыку гістарычна змяніла казачная, дзе цудадзейныя з’явы і пераўтварэнні лічацца нормай. Уласна Ф.л. вылучылася як спецыфічны метад маст. адлюстравання жыцця па меры аддалення фалькл. форм ад практычных задач асэнсавання і асваення рэчаіснасці, рытуальна-магічнага ўздзеяння на яе. Ад міфалогіі і фальклору Ф.л. наследавала падкрэсленую канцэптуальнасць маст. светаўспрымання, сімволіка-метафарычную скіраванасць вобраза, здольнасць злучаць у наглядна-сэнсавае адзінства эмпірычна несумяшчальныя факты рэчаіснасці.

У ант. л-ры эстэтыка цудоўнага (прыкмета ўзнікнення ўласна Ф.л.) рэалізуецца ў сюжэтных матывах блуканняў, пошукаў-паломніцтваў, метамарфозаў (творы Гамера, Вергілія, Апулея і інш.). Сярэдневякоўе актуалізавала фантаст. вобразнасць праз жанры нар. сказанняў, легенд, паданняў, рэліг. містэрый. Выключнае месца займае фантаст. гратэск, гіпербалізацыя, дэфармацыя вобраза рэчаіснасці ў еўрап. рэнесансавай л-ры: Ф.​Рабле, У.​Шэкспір, М.​Сервантэс, Т.​Мор і інш. З 18 ст. развіваюцца традыцыі утапічнай л-ры, дзе свет уяўляецца мадэллю ідэальнай рэальнасці. У 2-й пал. 18—1-й пал. 19 ст. ў зах.-еўрап. і амер. л-рах атрымаў пашырэнне «гатычны раман», угрунтаваны ў тэматыцы і праблематыцы «сусветнага зла» (творы Х.​Уолпала, Г.​Радкліф, Ж.​Казота).

Сапраўдным спосабам маст. пазнання фантастыка стала ў эстэтыцы і паэтыцы рамантызму (І.​В.​Гётэ, Э.Т.​А.​Гофман, А.​Шаміса, У.​Блейк, Э.​По, В.​Жукоўскі, раннія творы А.​Пушкіна і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. Ф.л. набыла новае змястоўна-фармальнае напаўненне (творы Ж.​Верна, Г.​Уэлса). У 20 ст. сфарміраваўся асобы від Ф.л. — навуковая фантастыка, вытокі якой узыходзяць да эпохі станаўлення сучаснай навукі (17—18 ст.). Для яе характэрна стварэнне фантаст. вобразаў на аснове навук. гіпотэз (К.​Чапек, С.​Лем, А. і Б. Стругацкія, О.​Хакслі, К.​Вонегут, С.​Кінг). Побач з тэрмінамі «Ф.л.», «фантастыка» часта выкарыстоўваецца паняцце фэнтазі — асаблівы від літ. казкі, якой уласцівы матывы чарадзейства, магіі, рыцарскага эпасу ў спалучэнні з прыёмамі рэалізму (А.​Блэквуд, Дж.​Толкін, Д.​Лаўкрафт).

У бел. л-ры крыніцы фантаст. сюжэтаў і вобразаў — нац. міфалогія і фальклор («Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Я.​Баршчэўскага, «Купала» В.​Дуніна-Марцінкевіча, «У зачараваным царстве» М.​Багдановіча, «Сон Анупрэя» З.​Бядулі, «Сказ пра Вяля» М.​Танка і інш.). Узор навуковай фантастыкі — «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага» Я.​Маўра. У бел. гіст. прозе фантаст.-ўмоўны элемент — вынік рамантызацыі і міфалагізацыі мінулага (творы У.​Караткевіча, У.​Арлова, В.​Іпатавай, В.​Чаропкі, Э.​Ялугіна). У бел. л-ры канца 20 ст. атрымала развіццё сац. фантастыка з элементамі утопіі і антыутопіі. Павелічэнне ўмоўна-фантаст. пачатку адчуваецца ў прозе апошніх гадоў І.​Шамякіна («Paradies auf Erden», зб. аповесцей «Сатанінскі тур»). На сумяшчэнні фантастычнага і рэальнага будуюцца некат. творы Г.​Багданавай («Паляванне на Любаву, або Інтымная хроніка часоў міжвер’я»), П.​Васючэнкі («Белы мурашнік»), Б.​Пятровіча («Жыццясон»), А.​Глобуса («Дамавікамерон»), Ю.​Станкевіча («Бесапатам», «Прузі»), А.​Наварыча («Рабкова ноч»), У.​Някляева («Вежа»), Л.​Рублеўскай («Старасвецкія міфы горада Б.»), А.​Федарэнкі («Сінія кветкі», «Смуга») і інш. Сінтэз філас. прытчавасці, сімвалічнай шматзначнасці маст. адлюстравання рэчаіснасці часам актуалізуе прыёмы і сродкі Ф.л. ў творах В.​Быкава («Сцяна», «Хвастаты»), Я.​Сіпакова (зб. прыпавесцей «Тыя, што ідуць»), А.​Мінкіна («Краіна Хлудаў»), Ф.​Сіўко («Удог»). Містычна-фантаст. праявы ўласцівыя творам У.​Рубанава («Не аднойчы забіты»), А.​Бароўскага («Ахутавана»), А.​Казлова («Дзеці ночы — служкі зла»).

Літ.:

Кагарлицкий Ю.И. Что такое фантастика? М., 1974;

Каваленка В.А. Міфа-паэтычныя матывы ў беларускай літаратуры. Мн., 1981;

Штэйнер І.Ф. Народна-фантастычныя вытокі беларускай балады // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук 1982. №3;

Казбярук У.М. Рамантычны пошук. Мн., 1983;

Рагойша В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. Мн., 2001;

Ханеня С.І. Амплітуда мастацкасці: Умоўнасць у бел. прозе канца XX ст. Гомель, 2001.

І.​Л.​Шаўлякова.

т. 16, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)